БЕРАСЦЕ́ЙСКІ СІМЯО́НАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 16(?)—19 ст. у Брэсце (Берасці). Упершыню ўпамінаецца ў актах Брэсцкага земскага суда ў 1604 як куплены (разам з с. Муравец) Е.Солтанам у свайго дзядзькі Д.Солтана. Знаходзіўся на прыватным (шляхецкім) пляцы за р. Мухавец. У 1-й трэці 17 ст. быў аб’ектам барацьбы паміж уніятамі і правасл. мяшчанамі. У 1632 на канвакацыйным сейме замацаваны каралём Уладзіславам IV за праваслаўнымі. Вядомы маёмасныя запісы і завяшчанні мяшчан на карысць манастыра (17 — пач. 18 ст.), яго падтрымлівалі некат. брэсцкія цэхі. Ігуменам у 1640-я г. быў Афанасій Брэсцкі. Драўляныя будынкі манастыра знесены пры ўзвядзенні Брэсцкай крэпасці.

А.А.Ярашэвіч.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)